ЧЫРВО́НАЯ СЛАБАДА́, Красная Слабада,

гарадскі пасёлак у Салігорскім р-не Мінскай вобл., на р. Вызенка; аўтадарогамі злучаны з Лунінцом, Слуцкам, Салігорскам. За 30 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Салігорск, 163 км ад Мінска. 4985 ж. (2002). Прадпрыемствы харч., дрэваапр., лесанарыхтоўчай прам-сці. 2 сярэднія і санаторная школы, Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму.

У ВКЛ вядома з 16 ст. як вёска, потым мястэчка Вызна ў Слуцкім княстве; уласнасць Алелькавічаў, з 1612 Радзівілаў, з 1793 Вітгенштэйнаў, потым Гогенлоэ. З 1793 у Рас. імперыі. З 1870 цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1877 згарэла Свята-Мікалаеўская царква (у 1897 адбудавана, у 1937 зруйнавана). У 1897 у мястэчку 1593 ж., пач. школа, нар. вучылішча, бальніца, царква, капліца, 2 малітоўныя яўр. дамы. 3.1.1923 перайменавана ў мяст. Чырвоная Слабада. З 17.7.1924 да 8.8.1959 цэнтр Чырвонаслабодскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак У Вял. Айч. вайну з 27.6.1941 да 30.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія восенню 1941 знішчылі тут 420 ж. У ноч на 31.10.1942 партызаны разграмілі ў Ч.С. ням. гарнізон (гл. Чырвонаслабодскі бой 1942). З 8.9.1959 у Старобінскім, з 25.12.1962 Любанскім, з 6.1.1965 Салігорскім р-нах.

т. 17, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)